У межах праекту «Рок-школа» былі абраныя тры гурты, зь якімі будуць працаваць вядомыя беларускія музыкі. Гэта ESPRIT, «Абшар» і Tlusta Lusta. «Голай манашцы» прадаставілі магчымасьць бясплатнага запісу песьні, бо журы палічыла, што гурт Федзі Жывалеўскага  «Я ня ўмею пісаць і калі б я ведаў, як гэта робіцца, я бы сядзеў і „касіў бабло“, — Міхал пачаў свой „урок“ з жарту. — Галоўнае — прыдумаць слова, якое чапляе. Далей — няма рэцэптаў». Няма рэцэптаў, але ёсьць некалькі правілаў, якія дапамогуць не заблукаць у сьвеце словаў пачынаючым аўтарам-тэкставікам.
Дакладна не рэкамэндуе Міхал «вымучваць» тэкст. «Тое, што я ня раю рабіць — пісаць тэкст пра зьяву, на тэму. Марны занятак мэтанакіравана прыдумваць ідэю і потым сядзець выпрацоўваць зь яе тэкст. Мне здаецца, што трэба пачынаць не з задумы, а з вобразу, зь якога атрымліваецца альбо не атрымліваецца тэкст. І гэта павінен быць ёмкі мастацкі вобраз, які чапляе. У той жа час гэта павінная быць рытмічна вытрыманая фраза. Варта злавіць прасьвятленьне, якія бываюць у кожнага, хуценька занатаваць, а потым на гэтую раптоўную зачэпку нанізваць тэкст. У сувязі з гэтым, як толькі зьявілася ідэя з паветра, і вы нешта такое адчулі, што вам падаецца важным, то патрэбна проста хутка схапіцца за гэта, бо празь месяц гэта прыдумаюць яшчэ некалькі чалавек, а праз два — гэта ўжо нікому ня будзе патрэбна».
Такім чынам, правіла першае: лавіце натхненьне.
«Трэба ставіцца да свайго ўнутранага сьвету з павагай», — працягвае Міхал Анемпадыстаў. Тое, што вам цікава, міла, дорага, чапляе, тое, што да вас не адзін раз вяртаецца, можа быць варта таго, каб вы пра яго расказалі ўсім астатнім. Тут важныя два моманты — уменьне раскрыцца і паказаць сваю сярэдзіну і тое, наколькі гэта цікава аўдыторыі, і наколькі гэта трапіла ў тое месца і ў той час.
Правіла другое: пачынайце з зачэпкі.
«Яна зьяўляецца кожны дзень па дзесяць разоў вам, проста яе трэба ўмець распазнаць», — кажа Міхал Анемпадыстаў. Яшчэ лепш, калі зачэпка зьвязаная зь нейкім культурным кодам, што асацыятыўна вядзе слухача ў нашую культуру. «Хавайся ў бульбу» — цудоўны прыклад, калі словазлучэньне выклікае шэраг асацыяцыяў з культурнымі кодамі. Прычым, менавіта з нашымі, беларускімі. Трапны вобраз «танцы палонных», расказвае Міхал, яму падказала дачка, якая гулялася з цацкамі. А можна пачуць у аўтобусе яшчэ і не такое — і гэта будзе геніяльна.
Правіла трэцяе: вобраз павінен быць запамінальным.
Канкрэтыка, зразумеласьць — вось што патрэбнае слухачу. Гэта можа быць эмацыйнае разуменьне тэксту, альбо трапныя словы, якія маюць нейкі канкрэтны сэнс. Рок-тэкст — гэта не зусім паэзія, ён мае сваю спэцыфіку. Паэтычны тэкст можа стаць добрым тэкстам для песьні, але бывае наадварот. Як і тэкст песьні не заўсёды валодае якасьцямі добрага верша. Вельмі важны асяродак: музыкантам патрэбна кантактаваць ня толькі з музыкантамі. Лепш генэраваць вакол сябе кола аднадумцаў, пажадана — з творчых людзей розных прафэсіяў. З адметных вобразаў — «драўляныя рукі» ў адным з тэкстаў гурта Zaniapad. Сюрэалістычны, не зусім зразумелы без кантэксту, але вельмі трапны. Альбо любыя вобразы паэта Алеся Разанава — гэта штодзённыя вобразы: бульба, колы, сялянскі побыт, выведзены на ўзровень касьмічнасьці. Вядро з бульбай у яго — гэта элемэнт космасу. І ў гэтым запамінальнасьць гэтага вобразу.
Правіла чацвертае: стыль фармуе тэкст.
«У рок-тэкстах могуць адсутнічаць гэтыя вобразы, прымальна сьпяваньне нелітаратурнай мовай, — кажа Міхал. — І мне гэта падабаецца і часам я да гэтага імкнуся. Калі песьня складаецца з тых фраз, што мы гаворым штодня пры поўнай адсутнасьці вобразаў, гэта таксама цікава. Рок-музыка ўвогуле вельмі блізкая да штодзённага жыцьця. У адрозьненьні ад джазу, які жыве ў арт-прасторы. Ці ад папсы, якая стварае бліскучую рэчаіснасьць. Рок-музыка дасьледуе тое, што мы сёньня і цяпер адчуваем. Аўтары рок-тэкстаў цэлыя фразы і кавалкі тэкстаў знаходзяць у рэчаіснасьці.
Рэп, паколькі там тэкст дзіка важны, — больш кансерватыўны. Там ёсьць канон і праз гэты канон складана выйсьці. Даводзіцца тварыць у рамках. Рок-музыка ў шырэйшым разуменьні — тут няма межаў і можна тварыць усё, што заўгодна».
Але найбольш цікавае, падкрэсьлівае Міхал Анемпадыстаў — прарыў на стыку жанраў. Стыкі паміж рознымі жанрамі звычайна даюць нешта новае і цікавае. Калі людзі заганяюць сябе ў фармат нейкага стылю і разьвіваюцца толькі ў пляне павышэньня «тэхнічных якасьцяў» — гэта ня дасьць добрага прадукту.
Ёсьць розная патрэба і ў форме рок-тэкстаў у сувязі са стылем. Кароткія, энэргічныя, сьвядома спрымітызаваныя тэксты патрэбныя аднаму стылю. Можна правесьці аналёгію гэтых тэкстаў з замовамі, у якіх мінімальнымі сродкамі дасягаецца эмацыйны накал — вось яна сапраўдная магія слова! Гэта падыходзіць для тых песень, дзе тэксты на фоне музыкі, дзе іх ня вельмі чуваць.
Калі мы бярэм традыцыйныя песьні, тут няма асаблівых правілаў, зьвяртаем ўвагу толькі на сэнс. Ён павінен быць альбо лягічна зразумелы, альбо павінен быць эмацыйны message.
Правіла пятае: як карабель назавеш, так ён і паплыве.
Усё пачынаецца з назвы. «Калі я прыходжу ў журы, я перш за ўсё гляджу на ўдалыя назвы выступоўцаў, — кажа Міхал. — Міжволі, калі праслухоўваеш матэрыял, асацыюеш зь імі людзей і запамінаеш. Назвы, якія цяжка вымаўляюцца, не нясуць за сабой нічога, апроч самога гурта — дрэнныя. Трэба таксама задумвацца пра экспарт назвы, як яна будзе ўспрымацца нетутэйшымі людзьмі. Таму таксама трэба ўлічваць, як назва транспартуецца на лацінку. Пажадана мець лягатып, які паўтараецца з альбома ў альбом і дапамагае ідэнтыфікаваць гэты гурт. Раю зьвяртацца да спэцыялістаў, а не рабіць аматаршчыну. Лягатып — гэта фірмовае напісаньне слова, дзе кожную літару і іхняе спалучэньне мы разглядаем як графічны элемэнт, карцінку. Гэта ўсё разам узятае стварае фэномэн гурта. Пакуль няма ідэнтыфікацыі — ніхто яго ня ведае. Потым гурт пачынае ўспрымацца, як нешта маналітна цэлае.
Другім этапам папулярнасьці гурта становіцца цікавасьць да людзей, якія ёсьць у гурце. Калі фармацыя ўзьнікае як зьява, пачынаецца посьпех і любоў прыхільнікаў. Адна з мэтаў на гэтым этапе — папулязаваць ня толькі франтмэна, але і кожнага з удзельнікаў».
Правіла шостае: «не пакідайце ж мовы нашай беларускай…»
«У Беларусі трэба пісаць па-беларуску. Гэтым самым вы ствараеце культуру самі. Калі вы проста „дрынькаеце“, гэта адно, а калі музыка — частка вашага жыцьця, то мне падаецца значна больш цікавым удзельнічаць у стварэньні культуры. Калі ў вас мэты прасоўваньня на розныя рынкі, расейская ці ангельская мовы будуць больш выгадныя. Але я вельмі сумняюся, што група не са Старой Эўропы можа прыехаць і раптам усіх пакарыць. Калі нараджаецца зьява, рух, плыня – мажліва, але… На мой погляд, больш важна ўдзельнічаць у будаваньні культуры. Такім чынам, тут і цяпер мы з вамі ствараем тое, што зьяўляецца менавіта беларускай культурай. І перш за ўсё — празь беларускамоўныя тэксты».
На «ўроку» ў Міхала Анемпадыстава пабывалі ня толькі гурты, абраныя для далейшай працы сябрамі журы, але і іншыя ўдзельнікі праекта. Здаецца, зусім ня лішне было маладым музыкам пачуць крытычны аналіз сваіх тэкстаў, альбо паўдзельнічаць у дыскусіі пра шоў-бізнэс, якая разгарнулася ў другой палове сустрэчы. Але гэта зусім іншая гісторыя.
Лея Гілар, для ТГ
Фота: Джэф Баніфацына
Вэрсія для друку
|