Mузычная прастора Беларусі
Раздзелы
Навіны
Афіша
Акорды
Mp3
Кліпы
Урокі
Студыі гуказапісу
Рэкляма
Навіны
22.01.2010 - Экспэрт ТГ Марыйка Мартысевіч: «Хто смокча, а хто нішцяк»
http://music.fromby.net/
Экспэрт ТГ нарадзілася ў 1982 годзе ў Менску. У 2004 годзе скончыла філялягічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту, у 2005 — аддзяленьне філязофіі/літаратуры Беларускага Калегіюму. Cтыпэндыятка Homines Urbani (таварыства Villa Decius, Кракаў, 2007). Як журналітска сцупрацоўнічае з газэтай «Новы час» і мультымэдыя-часопісам CD_MAG. Перакладае паэзію і прозу з ангельскай, польскай, расейскай, украінскай, чэскай моваў. Як эсэістка і паэтка ўдзельнічала ў шэрагу міжнародных фэстываляў культуры ў Беларусі, Польшчы, Літве, Славакіі, Украіне. Яе вершы і эсэ перакладаліся на ўкраінскую, чэскую, славацкую, польскую, літоўскую, нямецкую, расейскую мовы. У Беларусі публікуецца ў часопісах ARCHE, «Дзеяслоў», pARTyzan. У 2008 годзе выйшла яе кніга «Цмокі лятуць на нераст: эсэ ў вершах і прозе».
Марыйка Мартысевіч
Адразу прызнаюся: мэтанакіравана слухаць сучасную беларускую музыку я кінула даволі даўно — адначасова са сканчэньнем унівэрсытэту. Рэдкія оўпэн-эйры, выпадковыя клюбныя вечарынкі ці прынагодныя канцэрты — вось і ўвесь мой досьвед апошняга часу. Паколькі я выпала «зь сеткі», усемагчымыя складанкі сталі абмінаць мяне, а я іх і не шукала. Таму запрашэньне на экспэртызу «Тузін-парада» я прыняла зь цікаўнасьцю, як прыдатную нагоду два тыдні паварыцца ў гэткай атмасфэры свайго студэнцтва, калі ня проста слухаеш нейкі дыск ці канцэрт фонам, як дадзенае, а прыдзірліва абіраеш, хто смокча, а хто нішцяк.

Я спрабавала не ўспрымаць «тузін» як аб’ектыўную карціну, што склалася на актуальнай музычнай сцэне Беларусі, бо калі гэта аб’ектыўная карціна, усё даволі бязрадасна. Праслуханыя мной кампазыцыі збольшага аднастайныя, як аднаяйкавыя блізьнюкі. На маё маламэляманскае вуха, калі б насупраць песень не былі пазначаныя выканаўцы, я б падумала, што гэта альбом аднаго гурта, чыя фішка — даваць музыкам па чарзе быць фронтмэнамі.

Калі меркаваць па пачутым, найвышэйшае кунг-фу беларускіх музыкаў — гэта ўступы і пройгрышы. Ты чуеш «увэрцюру» і думаеш: «О, файненька, арыгінальна, міла». Але тут пачынаецца асноўная частка Мэрлезонскага балету — і настрой зьнікае: ізноў гэтая старая песьня жальбы…

Я чалавек тэксту — большую частку вольнага і нявольнага часу пішу ды чытаю. Таму аналіз словаў, што я чую, у мяне адбываецца амаль аўтаматычна. Расчараваў адзін з найбольш любімых мной беларускіх гуртоў «Серебряная свадьба». Найлепшыя свае песьні Бенька напісала на расейскай ці францускай мове, і я выдатна памятаю, зь якой душою яна іх пяе. А ў сьпеве «Новы мост» ніякай душы не было — так, нібы Бенька сьпявае чужую песьню. Было шмат ваганьняў і няпэўнасьці, непрыроднага беларускага вымаўленьня. Нешта ня так з запісам — беларускія словы ціхія, а францускія вымаўляюцца як бы на пярэднім пляне — ад гэтага эфэкт штучнасьці толькі павялічваецца.

І ўвогуле, большасьць песьняў, якія я тут пачула, здаліся мне каньюнктурнымі. Магчыма, я абражу пачуцьці кагосьці са сьпевакоў, але я ім ня веру. Ня веру ў іх адчай і боль за каханьне, радзіму і моўную сытуацыю. Гучыць так, нібы яны сьпяваюць запатрабаванае нейкімі імавернымі прадусарамі незалежнай беларускай сцэны, і гэтае запатрабаваньне, няхай не ідзе ў разрэз зь іх грамадзянскай пазыцыяй, але разыходзіцца зь іх сапраўднымі думкамі. Вось Лявону Вольскаму ў пачатку 2000-х верыла — і дагэтуль веру. А ім ня веру.

Каб не расьцягваць агляд, правядзем паказальнае лупцаваньне. Возьмем пераможцу: «Глюкі» feat. MAUZER і Green Che — «Краіна 2.0». Надта вялікая колькасьць словаў у радку «выканаўцы» даводзіць старую беларускую мудрасьць: «У лучнасьці перамога». Тых, хто спрычыніўся, дарэчы, яшчэ болей. Праслухала тэкст двойчы, западозрыла, тэлефаную паэту Віталю Рыжкову: «Ты тэкст пісаў?» Кажа: «Я, часткова». Вось жа, моцная, і, можам сьцьвярджаць, прафэсійная вэрсыфікацыя, актуальны ў моладзі жанр гіп-гопу, зьмікшаваны з чымсьці цяжкім, у чым я нават ня цямлю, вастрыня паднятых праблемаў — гэта стратэгічна пралічаная, ад першага да апошняга гуку вывераная кампазыцыя. Заслужана і прадказальна першая. Але ці лепшая? «Новыя Курапаты чакаюць, каб нас паболела», «кожны чацьверты хапаецца за смочку імпэрыі», «Я размаўляю з Госпадам, бо ў маёй царкве вай-фай»… Лепшы тэкставік за Віталя Рыжкова ў складанцы — толькі Францішак Багушэвіч з кампазыцыяй Hasta La Fillsta — «Праўда» :). Я вельмі люблю такую літаратуру, але неадназначна стаўлюся да такой музыкі, няхай, кажучы словамі БГ, «Лев Толстой писал песни исключительно для музыки рэггей», і Бурачок-хоп — гэта шык-постмадэрн. Трагічны патас беларускага року чым далей, тым болей мяне стамляе.

Магчыма, гэта парадаксальна, але мой асабісты гіт-парад — люстрана вывернуты выбар «тузінавага» слухача. Першае і другое месца для мяне падзяляюць песьні з канца слухацкага сьпісу, якія яскрава вылучаюцца на агульным тле: UltraВожык — «Клёва касманаўту!» і WZ-Orkiestra і Галіна Казіміроўская — «Зорапад». «Клёва касманаўту ў небе лятаць, усе дзяўчынкі мараць касманаўткамі стаць»; «Гэй, анёлку, прыяжджай на крылатым самакаце, каб зьдзівіліся ўсе, як бяздонныя нябёсы незаўважна пакрысе вырашаюць зораў лёсы» — у параўнаньні з выкрутамі вышэй па гіт-парадзе, гэтыя песьні могуць падацца прасьцецкімі і нават ідыёцкімі, песенькамі ні пра што. За гэта я іх і ўпадабала. Гэтыя песьні простыя і немудрагелістыя, а галоўнае — ненавязьліва-пазытыўныя. «Зорапад» — незважаючы на бясхітраснасьць — вельмі добра зробленая рэч.

Марыйка Мартысевіч, для ТГ


Вэрсія для друку



12.03.2010 - moZart прасунуўся і разбурыў міт пра БТ
12.03.2010 - Гурт, што стварае цішыню
11.03.2010 - Пукст стаў бацькам і тэлевядучым
11.03.2010 - «J:морс» прадаў усе DVD з «Канцэртам у тэатры»
11.03.2010 - MetalFront.org Music Awards: «На балоце кветкі растуць»
10.03.2010 - Анемпадыстаў і Вольскі ладзяць чытаньні
10.03.2010 - Naka: час прысьпеў
09.03.2010 - Tarantino пакажа адваротны бок беларускіх рок-зорак
09.03.2010 - Вольскі і Памідораў зь песьняй пра немца
09.03.2010 - Сёмы канцэрт Graffiti Open Music Fest
08.03.2010 - Маша Лагодзіч аддае першынства Насьці Шпакоўскай
05.03.2010 - «Наеховичи»: «Бла-бла-бла Лукашэнка»
05.03.2010 - “Тузін. Перазагрузка” прызнаны праектам году ў беларускай музыцы
04.03.2010 - «J:морс» з новым арыгіналам «Майго сонца»
04.03.2010 - Another Music: другая порцыя беларускага індзі
03.03.2010 - Re123+: «Мы першымі зайгралі ў Беларусі падобную музыку»
03.03.2010 - Sciana: быў альбо ня быў?
02.03.2010 - «Рок-Каранацыя»: пераможцы вядомыя
02.03.2010 - Amaroka: панк-прывітаньне Вэнэсуэле
01.03.2010 - Graffiti Open Music Fest: шосты трыбой
Архіў навін
2010 | 2009 | 2008 | 2007 | 2006 | 2005 | 2004 | 2003
Акорды
Deviation
Harackija
N.R.M.
Narodny Albom
NEO
Neuro Dubel
PomidorOFF
ULIS
Zet
Аляксей Шадзько
Віктар Шалкевіч
Кальян
Камэлот
Крама
Крамбамбуля
Крыві
Мроя
Новае Неба
Стокс
Сьвяты Вечар
Сяржук Сокалаў-Воюш
Тяни-Толкай
Я нарадзіўся тут
Кліпы
N.R.M.
Zet
Крамбамбуля
Крыві
Ляпис Трубецкой
Мроя
Песняры
Стары Ольса
Троіца
MP3
Aquamorta
Dreamline
Impatt
Indiga
J:Морс
L.I.P.
N.R.M.
NEO
Neuro Dubel
PartyZone
PomidorOFF
Stars Alliance
Stone People
The Stokes
TheDRumer
Zet
Аляксей Шадзько
Бездна
Ікс
Крамбамбуля
Крок
Ляпис Трубецкой
Мантана
Мроя
Ольга Ясюкович и Вячеслав Климович
Палац
Песняры
Стары Ольса
Сябры
Троіца
Тяни-Толкай
Харлі
Хлестов Алексей
Штрих_кОт
Эківокі


Rambler's Top100
Музычная прастора Беларусі © 2003-2008
Пры выкарыстаньні матэрэялаў спасылка на www.mpby.com абавязкова.
Па ўсіх пытаннях пісаць на e-mail: