Былы лідар гурта Kriwi Зміцер Вайцюшкевіч днямі ўзрадаваў сваіх заўзятараў чацьвертым сольным дыскам “Паравоз каханьня”, які быў запісаны на вершы народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна.
///---///
Гэта першы альбом Вайцюшкевіча пасля вельмі паспяховага між слухачоў ды крытыкаў дыску “Паравіны году” на вершы барда Алеся Камоцкага. “Падчас працы над новым запісам найперш хацелася як мага больш трапна адлюстраваць настрой кожнага твору Рыгора Іванавіча, але таксама было важна й не паўтарыць “Паравіны году”, – распавядае музыка. – У выніку “Паравоз каханьня” атрымаўся ў музычным сэнсе значна больш разнастайным – ад ўжо звыклага для маіх слухачоў гарадскога рэтра-шансону да рокавых эксперыментаў”.
///---///
У запісе дыску прымаў удзел сам класік беларускай паэзіі Рыгор Барадулін. Ён дапрацаваў некаторыя вершы, а таксама склаў ды запісаў сваім голасам аудыёэпіграмы да кожнай песні. “Для мяне працаваць са Зміцерам было вялікім гонарам. Мне здаецца, то зараз менавіта ён з’яўляецца ўвасабленнем сучаснай беларускай музыкі”, – лічыць паэт, які ў лютым павінен адзначыць сваё 70-годдзе. Як і ўсе папярэднія сольныя працы Зміцера Вайцюшкевіча, “Паравоз каханьня” быў запісаны разам з гуртом WZ-Orkiestra.