Mузычная прастора Беларусі
17.12.2007 - 1988: камсамольцы пішуць ліст у абкам
http://music.fromby.net/
ТГ друкуе ліст у абкам партыі, падпісаны ў 1988 годзе 40 камсамольцамі-працоўнымі магілёўскага завода імя Кірава. «Мы лічым, што рок – гэта ўнівэрсальная музыка стагодзьдзя, якая набліжае людзей адзін да аднаго болей, чым ЮНЭСКА ці эспэранта, тое, што даз
Арганізатары фэсту «Дыялёг». Магілёў
Менавіта з магілёўскага заводу імя Кірава выйшла адміністрацыя першага магілёўскага рок-клюбу. Першы, хто падпісаў ліст у абкам – інжынэр-канструктар Аляксандар Перагуд. Ён потым стане першым прэзыдэнтам Магілёўскага рок-клюбу. Якраз за імі нарадзіўся магілёўскі рух у сярэдзіне 80-х, сюды наязджалі беларускія і расейскія рокеры. У 1986 годзе, напрыклад, на адной з магілёўскіх кансьпіратыўных кватэраў адбыўся канцэрт тады яшчэ мала каму вядомага барда Юрыя Шаўчука. А ў 1988 прайшоў фэстываль «Дыялёг-1», дзе выступілі госьці зь Менску – «Бонда» і «Мроя». «Дыялёг» – стаў першым усесаюзным фэстывалем у Беларусі. А пачатак яму паклаў во гэты ліст:

Партыйнаму кіраўніцтву г. Магілёва ад камсамольцаў завода імя Кірава
Мы, тыя хто ніжэй падпісаўся, просім паспрыяць Абком партыі моладзеваму цэнтру Магілёва ў правядзеньні рок-фэстывалю, які рыхтуецца і мае прайсьці ў горадзе з 12 па 15 траўня. Пры аналізе абстаноўкі, што склалася ў горадзе, адчуваецца непахоп сапраўдных адносінаў моладзі з музыкай, якая зьяўляецца сапраўды моладзевай ды паказвае на тыя нэгатыўныя зьявы, што адбываюцца вакол нас. Не сакрэт, што дагэтуль у горадзе назіраюцца масавыя бойкі на дыскатэках і танцпляцоўках. Асноўнай забавай застаюцца спіртныя напоі, што сьведчыць пра бездухоўнасьць моладзі, нежаданьне актыўна ўдзельнічаць у жыцьці нашага грамадзтва. Музыка ў стылі канцэртаў, што ладзяцца ў нашым горадзе сёньня, толькі ўводзяць моладзь ад рэальнага жыцьця, саладжавыя рытмы ў стылю «Синей птицы» і «Самоцветов» пра «белую лошадку» ніяк ня змусяць моладзь думаць.
НАМ АБРЫДЛА СЛУХАЦЬ ФАЛЬШ І ХЛУСЬНЮ!
ХОПІЦЬ ХАВАЦЬ АД НАС ПРАЎДУ!
Мы лічам, што рок – гэта ўнівэрсальная музыка стагодзьдзя, якая набліжае людзей адзін да аднаго болей, чым ЮНЭСКА ці эспэранта, тое, што дазваляе адчуваць сябе не настолькі самотным перад асобай начальніка ў канторы, сваякоў у коле сям'і і бясконца горкіх каханьняў. І ўсё гэта – музыка, якая навявае боязь тым, што прывык глядзець з ложы.


Усяго 40 подпісаў.

У 1991 годзе Магілёўскі рок-клюб распаўся. Яго кіраўнік Аляксандар Перагуд яшчэ год папрацаваў у рэдакцыі часопіса «Окорок». Потым, са словаў сёньняшняга кіраўніка магілёўскага «Цэнтру жывога року» Віталя Шума, Перагуд сыйшоў з рок-руху. Матываваў тым, што «мы ўжо занадта старыя, а ракенрол – справа маладых». Цяпер ён – пасьпяховы бізнэсовец, кіруе адзінай будаўнічай кампаніяй у Магілёве, працягвае сачыць за магілёўскім рок-рухам, але ня ўмешваецца. А Магілёў тым часам ізноў вяртае пазыцыі – дастаткова паглядзець на лідэраў чарту на «Тузіне Гітоў».

SB, ВШ, для ТГ




Музычная прастора Беларусі © 2003-2007
Пры выкарыстаньні матэрэялаў спасылка на www.mpby.com абавязкова.
Па ўсіх пытаннях пісаць на e-mail: