Mузычная прастора Беларусі
28.12.2007 - Горадня: музыкам няма дзе запісвацца
http://music.fromby.net/
Фэстываль «Тры шрубы» і байкерскі фэст, альбом Deathbringer, раздваеньне Beauty & Monster і распад «Айшы», а таксама акцыі «Музыкі супраць разбурэньня Горадні» – падзеі гэтага году ў Горадні падводзіць мясцовы музыка і арганізатар канцэртаў Сяргей Фін
Віка Фінская. Айша
Я бы адзначыў дзьве глябальныя падзеі, што адбыліся ў нас цягам году. Пры канцы красавіка адбыўся двухдзённы байкерскі фэстываль, які прывабіў вельмі шмат гледачоў, музыкантаў і уласна саміх байкераў. Музыка там гучала спэцыфічная – клясычны хард-н-хэві. Трэба думаць, што налета ў гэтага мерапрыемства будзе яшчэ большы размах.

Яшчэ адна падзея – адзіны рэгулярны гарадзенскі рок-фэст «Тры шрубы». Сёлета ён праходзіў у два дні на Хэлоўін на дзьвюх пляцоўках і сабраў рэкордную колькасьць гледачоў – ля 1000 чалавек.
З адкрыцьцяў году не магу нікога назваць. Пачала прагрэсаваць панк-сцэна - моладзь, якая толькі-толькі стартуе: «Кампосьцер», «Б-52»… Але ў іх усё наперадзе. Некалькі гуртоў рабілі спробы пачаць запіс сваіх альбомаў, але пры вынік я нічога не чуў. У асноўным па рукох ходзяць толькі дэма-вэрсыі. І прычына таму толькі адна – запісацца амаль няма дзе ў нашым горадзе. Тыя студыі, якія ёсьць, знаходзяцца пры дзяржаўных структурах і заўжды загружаныя абавязалаўкай. І гэта ёсьць праблема нумар адзін у Горадні.

Адзіныя, хто вылучыўся - гэта Deathbringer. Яны прэзэнтавалі свой альбом ня толькі ў Горадні, але і ў Польшчы. Пэўна, самая стабільная група Горадні, якая імкліва ідзе наперад. Колісь досыць пасьпяховы гарадзенскі гурт Beauty & Monster з галяндцам на вакале сёлета падзяліўся на два – уласна Beauty & Monster і праект Vendetta (як па мне, дык назва ня надта ўдалая, але іх музыка народ зачапіла).

Гурт «Айша» ў гэтым годзе не выступаў і фактычна спыніў сваё існаваньне. Тут ёсьць і асабістыя нашы пытаньні з вакалісткай Вікторыяй і чыста тэхнічныя. Затое працягвае існаваць гурт Jungle X-Mas, зь якога «Айша» і ўтварылася. Толькі клявішнік наш пераехаў працаваць у Маскву, таму давядзецца працаваць безь яго. Сама Вікторыя Фінская правяла амаль увесь год за мяжой, цяпер прыехала, а з Новага году ізноў зьбіраецца зьязджаць…

Пра «КальЯн» і Devation анічога сёлета не было чуваць. Незразумела дзе яны граюць, але пэўна недзе на выезьдзе, калі наогул існуюць яшчэ.

Прайшло некалькі канцэртаў у межах акцыі «Музыкі супраць разбурэньня Горадні». Прыязджалі Лявон Вольскі, Кася Камоцкая, Аляксандар Памідораў, наш Віктар Шалкевіч выступаў. Але праводзіліся гэтыя імпрэзы ў вельмі маленькай залі – усяго на 50 чалавек, такія пакаёвыя справы, што праводзіліся зусім без размаху. Хіба з канцэртам Вольскага быў такі ажыятаж. Зразумела, што больш маштабна правесьці падобныя акцыі ніхто не дазволіць, таму маем, што маем.

Карацей, пахваліцца няма чым.

Сяргей Фінскі, для ТГ

Фота: Wiecier Mechaniczny




Музычная прастора Беларусі © 2003-2007
Пры выкарыстаньні матэрэялаў спасылка на www.mpby.com абавязкова.
Па ўсіх пытаннях пісаць на e-mail: