|
| |||||||
| |||||||
|
19.12.2008 - Экспэрт ТГ Н. Кудрэйка: «Не памінайце імя Бога всуе!»
http://music.fromby.net/ |
Надзея Кудрэйка стварае музычныя радыёпраграмы і піша артыкулы. Нарадзілася і жыве ў Менску. Скончыла Менскі палітэхнікум па спэцыяльнасьці «прыкладная матэматыка» і філялягічны факультэт БДУ. Працавала ў КБ, рэклямным агенцтве, газэце, радыёстанцыі «Бела![]() Ня буду рабіць нейкіх абагульненьняў, глябальных вывадаў, вызначаць тэндэнцыі і шукаць уплывы. Проста слухаю песьні і дзялюся ўражаньнямі: Як на мой прыватны погляд, дык перамагчы павінна была песьня групы «Ляпіс Трубяцкой», бо ў прафэсійным пляне ёй тут роўных няма. Гэта тычыцца і запісу, і выкананьня, і пісьменнага тэксту. Хаця — калі разглядаць «Зорачкі» па-за кантэкстам «Тузіна Гітоў» — гэта ня самы вялікі «шэдэўр» «Ляпісаў», проста нармальная песьня, галоўная каштоўнасьць якой — беларуская мова. Магчыма, чыстае ІМХО: мэлёдыя прыпева, нават самае першае слова — «Зо-ра-чкі» — гучыць проста як выпадковы набор нот. А звычайна ж прыпеў павінны быць запамінальным і гітовым. Перамагла група «Бан-Жвірба» з эстрадным творам пра першае каханьне. Добрых эстрадных песень на беларускай мове практычна няма, таму я вітаю зьяўленьне такой кампазыцыі. І па музыцы прэтэнзіяў няма. Але калі пачынаеш слухаць тэкст! Мне падалося, што ёсьць несупадзеньне музычнай формы і тэкста — ізноў «дзеўкі», «сяло» — а потым у сяле, аказваецца, ёсьць «парк»! Ня кажучы пра такі перл: «Раптам я пабегла да таўшчэзнага дзядькі на аўтамабілі непрыстойнай хадой». Тым ня менш, калі ўжо казаць пра тэксты і нейкія несупадзеньні, твор DVA пад назвай «Абба Ойча» проста ня мае роўных. Я магу гэта патлумачыць адсутнасьцю пачуцьця густу і стылю. Дазваляю сабе быць такой катэгарычнай, таму што калі б сьпявалася пра нейкага Дзіму ці Таню — то можна было б проста пасьмяяцца. А тут — пра Бога! Так і хочацца сказаць: «Не памінайце імя Бога всуе!» Спалучэньне гэтага тэкста і звычайнай эстраднай мэлёдыі з аранжыроўкай а-ля рок стварыла эфэкт недарэчнасэці і няёмкасэці. Прыпеў — няўпэўнены юначы галасок на просценькі матыўчык сьпявае: «О, Абба Ойча — мілы тата мой! О, Абба Ойча — буду я з табой. О, Абба Ойча — усё, што прагну я! Ты мне дасі, я знаю — будзе так». Замест «Абба Ойча» нейкае жаночае імя гучала б больш натуральна. Апошняе месца — абсалютна заслужана. А вось перадапошняе месца групы Stёkla мяне трошкі зьдзівіла. Таму што кампазыцыя падалася мне прафэсійнай, вельмі энэргетычнай. Магчыма, група дрэнна арганізавала сваіх прыхільнікаў:) Калі я паглядзела на склад гэтага туру, які мне трэба было рэцэнзаваць, паглядзела на мноства ніколі ня чутых назваў — міжволі настроілася на горшае. Але ўсё аказалася не такім дрэнным. Закрануў маё сэрца і вуха Vinsent, у яго вельмі рамантычная песьня. І ў голасе — які, можа, і не дастаткова жорсткі для рэпу — ёсьць нешта такое няўцямна сэнтымэнтальнае. Гэта мой прыватны лідэр. Песьню групы ESPRIT я ўжо чула і раней. Добрая песьня. Ізноў жа паўтаруся — моцна не стае нам інтэлігентных беларускамоўных папулярных твораў. І я ўяўляю, як бы гэта магло гучаць, запісанае ў добрай студыі пад кіраўніцтвам прафэсійнага саўндпрадусара. Бо ў гэтым запісе ёсьць адчуваньне — «мы толькі вучымся!» Не хапае экспрэсіі, сьмеласьці. Nevma — «Хутка». Вельмі сымпатычны твор па ідэі. Але ўвасабленьне ў некаторыя моманты трохі напружвае. Напрыклад — тыя часткі, дзе пяецца высокім голасам. З гэтымі фіярытурамі трэба нешта зрабіць, дарабіць, узмацніць. Істэрыка павінна быць натуральнай, а не такой — напалову. NatureMorte — «Адэлаіда». Што адразу спадабалася — дык гэта прысутнасьць скрыпкі, і калі паасобку разгледзець голас, скрыпку і тэкст — быццам усё нармальна. Але ўсё разам у адну карцінку не сышлося. Магчыма, проста дрэнна запісана. І — паслухала некалькі разоў, а пра што песьня не магу сказаць. І хто такая Адэлаіда? Weeping Twilight — «Грэх». Што хочацца сказаць адразу, яшчэ да праслухованьня — памяняйце назву групы! Песьня пачынаецца вельмі прыгожай гітарай, потым уступае голас — ужо зь іншай опэры. І так ідзе далей. За адзін куплет-прыпеў, як мне падалося, па чарзе памяняліся тры ці чатыры розныя стылі. Такое адчуваньне ад песьні і засталося — няўцямнае. Яна скончылася, і мне захацелася спытаць — і што? Што гэта было, у якім жанры? Хаця гучыць наогул няблага. Засталіся «мэтры». Група GARADzKIJA і Піт Паўлаў. Зьдзівілася, бо голас Піта не адразу пазнала — у лепшы бок не пазнала. Баюся, што якасьць запісу моцна перашкаджае ўспрыманьню песьні. Ведаю ўжо гісторыю, для чаго гэта пісалася, чаму такі патрыятычны зьмест. А тут Новы год хутка, хочацца чагосьці больш сьветлага і ўсьмешлівага. Але кампазыцыя цалкам ў традыцыі калектыва. Гэтак жа сама, як ня здрадзілі свайму традыцыйнаму гучаньню Аляксандар Кульлінковіч і Neuro Dubel. Я люблю гэтую групу, і вельмі люблю яе на канцэртах. Слухаць запісы бывае цяжка. Трэба прадзірацца праз розныя гукарэжысэрскія праблемы, спрабаваць разабраць словы. Так і тут. А песьня мне вельмі падабаецца, апошнія радкі выдатна зразумела і адчула. Ды і сам слоган «Я трываю, але плачу» мне падаецца дастатковым, каб перадаць зьмест усяго твора. Асабліва, што чапляе — не «Я плачу, але трываю!», а «Я трываю, але плачу!» І апошняя ў маім аглядзе — самая радасная песьня тура «Вясна-красна» ад групы IQ48. Я ўвогуле маю слабасьць да балканскага гучаньня, да групы Zdob si Zdub. Мне вельмі падабаецца інструмэнтальная частка песьні. Але на фоне такога багацьця мэлёдыяў, такой разнастайнасьці і насычанасьці вакальная партыя гучыць неяк зусім просьценька, занадта просьценька і ціхенька. Гэта, бадай што адзіны невялічкі папрок, што я магу выказаць да гэтага запісу. Я вельмі хацела быць добрай і ласкавай, калі пісала гэты агляд. Катэгарычна супраць я выказалася толькі наконт адной кампазыцыі. Мне ў асноўным усё спадабалася, гэта жывая, сапраўдная творчасьць, аднак абмежаваная ў большасьці выпадкаў праблемамі гуказапісу. Надзея Кудрэйка, для ТГ |
|
Музычная прастора Беларусі © 2003-2007 Пры выкарыстаньні матэрэялаў спасылка на www.mpby.com абавязкова. Па ўсіх пытаннях пісаць на e-mail: |