Mузычная прастора Беларусі
07.11.2009 - Аляксандар Растопчын: PJ Harvey была бы задаволена «Навалай»
http://music.fromby.net/
Экспэрт ТГ нарадзіўся 9 лютага 1957 году ў Алма-Аце (Казахстан). У 1979 годзе скончыў РТІ ў Менску па спэцыяльнасьці «дызайн і тэхналёгія радыёэлектроннай апаратуры». Музыкай займаецца зь дзяцінства. Граў у гуртах «Унівэрсытэт» (1979—1982), «Сузор’е» (1982—1984), «Тоніка» (1984—1985), «Песьняры» (1985—1993). З 1993 году жыве ў ЗША, дзе выступае як музыка і займаецца вытворчасьцю працэсараў гітарных эфэктаў і аксэсуараў для гітар. Запісваўся і выступаў з такімі калектывамі і выканаўцамі, як Average White Band, Фрэнкі Пэрыс, Mark the Harper, Роксі Пэры, Дэвід Грос, Робэрт Чарлз ды іншымі. У сольнай дыскаграфіі мае чатыры альбомы.
Аляксандар Растопчын
Мае думкі наконт дванаццаці песень, што ўдзельнічалі ў гэтым туры на ТГ.

Глюкі feat. MAUZER і Green Che — Краіна 2.0. Калі шчыра, не зусім тое, што мне падабаецца. Я пачуў тры розныя часткі/стылі зьмяшаныя тут — дэз-мэтал, гіп-гоп і звычайны поп. Тэкст гучыць падобным на нейкую песьню пратэсту.

Серебряная свадьба — Новы мост. Я ня ведаю гісторыі, якая стаіць за гэтай песьняй (магу ўявіць, што гэта саўндтрэк да фільму), але відавочна гэта добрая рэтра-музыка ў стылі Азнавура і Піяф. І я не магу пазбавіцца згадак песьні «Стары мост» «Сузор’я» праз назву і слова «пісталет» у тэксьце песьні.

Naka — Бяжы. Добрая поп-песьня з жаночым вакалам, добрая аранжыроўка, вытрыманы стыль ад пачатку да канца. І ніякіх хітрыкаў з гіп-гопам…

Сердце дурака — Маці. Поп-песьня з налётам панку, цяжка зразумець словы, але можна танчыць.

ZM99 feat. Памідораў і IQ48 — Вечар’Ок. На мой погляд самая ўнушальная з усіх песень з уплывам гіп-гопу. Калі я паспрабую разабраць яе на складнікі, атрымаецца: рыф Black Sabbath на падвойнай хуткасьці, дэмакратычны тэкст («сіські-піські») у стылі Kid Rock, таксама прыемныя lo-fi эфэкты ў канцы. Забаўная рэч, барабанная частка ў прыпеве аднолькавая зь песьняй «Маці», мабыць яна папулярная ў Беларусі…

IQ48 і Джамбібум — Дзеўкі каліну ламалі. Я б дадаў панк-гоп- (крыху) фанк- (зусім крыху) фольк. Пад гэта можна добра натанчыцца.

Спрат — Казачныя сны. Добрая поп-рок песьня, простая, але эфэктныя сьпеўныя гармоніі, прыгожы «жаночы» гук гітары. Мне здаецца, што тэмп песьні захуткі, і ізноў, барабаны з той жа сэрыі, што і ў папярэдніх песьнях.

Нестандартны варыянт — У неба. Лірычны, мэлядычны гіп-гоп. Заўсёды актуальны сэнтымэнт «свабоды», запіс і аранжыроўка добрай якасьці. У клюбе вы можаце патанчыць з прыгожай дзяўчынай і дазволіць сабе ўсе варыянты свабоды пасьля…

Юры Дземідовіч — Чароўны кролік. Тут я згубіўся. Гэта хлопчык? Бацькі спрабуюць пазбавіць яго дзяцінства? У любым разе, нехта зьмяшаў усё разам — клясыку, гіп-гоп-біты, хор, гітарны дысторшн… Я бачу гэты сьпеў у якасьці саўндтрэку да дзіцячага фільму.

Ivory — Позірк. Прабачце, але першае, пра што я падумаў — былі «Песьняры», у якіх застаўся жывы толькі адзін вакаліст. Аранжыроўка 80-х з падробленымі струннымі і сынтэзатарамі. Але крыху акустычнай гітары гучыць прыемна.

Band_A — Пазытывы. Прыгожыя рэзкія гітары (я ж гітарыст, у рэшце рэшт), клёвыя басавыя партыі і напаўненьне бубнамі, крэатыўная аранжыроўка сьпеву, проста і зразумела.

Badluck — Навала. Мой фаварыт сярод песень з жаночым вакалам. Грубая, нічога залішняга, вельмі пасьлядоўная стылёва, бяз гіп-трэшу. PJ Harvey была бы задаволена!

З павагай, Аляксандар Растопчын

Фота: rastopdesigns.com




Музычная прастора Беларусі © 2003-2007
Пры выкарыстаньні матэрэялаў спасылка на www.mpby.com абавязкова.
Па ўсіх пытаннях пісаць на e-mail: