|
| |||||||
| |||||||
|
04.12.2009 - Рома Жыгараў: Нэкрафілы не даюць памерці «Глюкам»
http://music.fromby.net/ |
Пасьля чарговай перамогі «Краіны 2.0» і напярэдадні віцебскага канцэрту ТГ заснавальнік «Глюкаў» і лідэр праекту Akute Раман Жыгараў даў вялікае інтэрвію. «Па жыцьці я па-беларуску ня думаю, але калі пішу песьні да мяне прыходзяць беларускія словы. Я іх не выдумваю, гэта касьмічная музыка, якая можа прыйсьці раптоўна. Я нават на дыктафон часам надыктоўваю, каб не забыць словы».![]() — Што кардынальна новага прапануе Akute? — Мы толькі пачалі выступаць, але маем ужо вялікую праграму. У песьні «Адзіноцтва», якая можа падацца занадта сырой, закладзены якраз той гук, да якога мы імкнемся: агромная прастора, шмат рэвэрбэрацыі і аб’ёмных эфэктаў. Вядома ж, пяем толькі па-беларуску. — Але па-беларуску ты не размаўляеш. Ці ня ёсьць гэта каньюнктурай ці звычайным самападманам тады? — Па жыцьці я па-беларуску ня думаю, але калі пішу песьні да мяне прыходзяць беларускія словы. Я іх не выдумваю, гэта касьмічная музыка, якая можа прыйсьці раптоўна. Я нават на дыктафон часам надыктоўваю, каб не забыць словы. — «Адзіноцтва» — першая песьня, якую вы паказалі. Ты хоць у курсе, што такога слова няма ў слоўніках? — Ня ведаў, але наколькі гэта фатальна? Яно да мяне проста прыйшло. Як і ўласна назва праекту, якая чытаецца на нямецкі манер — «Акутэ». — Ці зьвяртаецца Akute да набыткаў «Глюкаў»? — Не, усе песьні новыя. Калі мы разыходзіліся два гады таму з «Глюкамі», то дамовіліся, што ніхто ня будзе выкарыстоўваць гэтую назву і выконваць песьні. Ды і астатнія музыкі з Akute не асабліва, каб ірваліся іх выконваць. — Пра што можа сьведчыць неймаверны посьпех «Маёй краіны» ў ТГ? — Нэкрафілы не даюць памерці «Глюкам», камусьці гэта трэба, але ня нам. — Пры якіх умовах магчымае адраджэньне «Глюкаў»? Калі вам нехта зробіць добры грашовы тур, зьбярэцеся? — Не ўяўляю такой сытуацыі. З такім жа посьпехам нас могуць выправіць у космас. Занадта віртуальна выглядае. — Ці ставіш сур’ёзныя задачы перад Akute альбо проста ў ахвотку граеце? — Мы сур’ёзна рэпэтуем. Плянуем шмат граць ужывую, не забывацца на запіс у студыі. Матэрыялу хапае. Наша музыка будзе саўндтрэкам да мастацкага фільму Ўладзімера Казлова «Канікулы». Мяркую, што наш новы праект дасягне куды большага плёну, чым уласна «Глюкі». З «Глюкамі» гэта нават непараўнальна, бо ляжыць зусім у іншай плоскасьці. — Якой? — Цяпер мы робім толькі тое, што ўсім нам падабаецца. Меркаваньне адносна музыкі ў нас адзінагалоснае, нас лучыць агульны сьветапогляд і падобныя густы, няма такога, як у лебедзя, рака і шчупака. — Што рыхтуеце да канцэрта «Тузіна Гітоў» 19-га сьнежня? — З задавальненьнем сыграем у Віцебску і пакажам сваю праграму. Прыемна выступіць разам зь іншымі ўдзельнікамі канцэрту. Тым больш, што з Pomidor/off мы зусім нядаўна гралі ў межах магілёўскай прэзэнтацыі Akute, а «Палац» я калісьці слухаў яшчэ на касэтах. — З кім у прынцыпе вы бы хацелі сыграць на адной сцэне? — Для нас пытаньне непрынцыповае. З Muse, напрыклад. Ня бачу ніякіх праблемаў для гурта Muse сыграць з гуртом Akute. Размаўляў Сяргей Будкін, ТГ |
|
Музычная прастора Беларусі © 2003-2007 Пры выкарыстаньні матэрэялаў спасылка на www.mpby.com абавязкова. Па ўсіх пытаннях пісаць на e-mail: |