Mузычная прастора Беларусі
15.12.2009 - Jab Club пераназваўся ў HandmadE і зьняў першы кліп
http://music.fromby.net/
Гурт Jab Club вядомы наведнікам ТГ найперш зь песьні «Вуліца дым», якая ў 2008 годзе перамагла ў трох турах, яшчэ ў некалькіх здабыла высокае месца. Пасьля на пэўны час пра гурт не было нічога чуваць. Як высьветлілася, зьвязана гэта было практычна з поўнай зьменай удзельнікаў гурта: ад ранейшага складу застаўся толькі лідэр Яўген Валошын. Цяпер ён аднавіў сваю дзейнасьць разам з новымі музыкамі і пад новай назвай — HandmadE.
HandmadE
У новым складзе гурта — вядомы гітарыст Андрэй Маркуц (вядомы нам па гурце NEO), акардэаніст Макс Квяткоўскі, ударнік Іван Махновіч і басіст Ціхан Золатаў. У сувязі з такімі пераменамі гурт вырашыў зьмяніць назву. Замест ранейшага малазразумелага Jab Club (джэб — удар у боксе) новая назва HandmadE тлумачыцца прасьцей.

«Хэнд мэйд» — гэта ў перакладзе з ангельскай «зроблена рукамі», — тлумачыць «Тузіну» лідэр гурта Яўген Валошын. — Тэрмін ужываецца ў дачыненьні да нейкіх адзінкавых, адметных рэчаў, якія часам немагчыма паўтарыць адзін у адзін. Такая назва — бо нашая музыка таксама, я лічу, не падобная да іншых гуртоў, не заўжды адпавядае канонам. Арыентуемся на свой густ, на свае ўнутраныя адчуваньні.

У новым складзе гурт загучаў цікавей. Праца ідзе плённа — ужо адбыўся шэраг выступаў у Беларусі і па-за межамі краіны. А літаральна тыдзень таму тэлеканал «Лад» зьняў для праграмы «PROдвижение+» кліп на тую самую песьню «Вуліца дым». Што праўда, песьня гучыць у новай аранжыроўцы, запісаная ўжо з новым складам гурта.

Запісалі на студыі яшчэ некалькі песень, — кажа Яўген Валошын. — Плянуем праз пэўны час зрабіць сынгл, а пад восень 2010 году выпусьціць альбом.

Паглядзець кліп на «Вуліцу дым» можна тут.
Азнаёміцца з чарнавікамі песень гурта (нестудыйныя варыяты) можна тут.

Глеб Лабадзенка, для ТГ




Музычная прастора Беларусі © 2003-2007
Пры выкарыстаньні матэрэялаў спасылка на www.mpby.com абавязкова.
Па ўсіх пытаннях пісаць на e-mail: