Mузычная прастора Беларусі
19.01.2010 - «Петля Пристрастия»: «Мэта — заваяваць Галяктыку»
http://music.fromby.net/
Менскі індзі-рок-гурт «Петля Пристрастия» пасьля прыязнага прыёму ў Расеі наважыўся на першы сольны канцэрт у Менску, дзе прэзэнтуе альбом «Всем доволен», выдадзены зноў жа на расейскім лэйбле «Снегири». Напярэдадні такой падзеі паэт, актор і лідэр гурта Ільля Чарапко-Самахвалаў адказаў на пытаньні ТГ.
Петля Пристрастия
ТГ: Адкуль узяўся гурт «Петля Пристрастия»?
Выраслі мы з гурта «Паліпы», створанага яшчэ ў сярэдзіне 90-х мной і Цімафеем Савіцкім. Склад зьмяняўся некалькі разоў па тэхнічных прычынах. Пакуль мы любім адзін аднаго, то будзем працягваць сваю творчасьць, здаецца ў нас нядрэнна атрымліваецца.

ТГ: Чаму альбом быў выдадзены ў Расеі?
У Расеі таму, што мы падпісалі кантракт з лэйблам «Снегири». У Беларусі дагэтуль нам ніхто не прапаноўваў дапамогу з выданьнем альбома. Таму мы адразу ж ухапіліся за гэтую магчымасьць.

ТГ: Што чакаць ад вашага канцэрту?
Даю сто адсоткаў, што людзі, якія прыйдуць на канцэрт, атрымаюць задавальненьне ад самага буйнога па часе нашага выступу з моманту нараджэньня гурта. Абяцаем прыкласьці максымум намаганьняў, каб не расчараваць старых і новых сяброў. Плюс да ўсяго будзе цудоўны сэрф ад The Silicon.

ТГ: Чаму адмовіліся ад удзелу ў фэсьце «Можна»?
З нагоды каляндарнай блізкасьці гэтых мерапрыемстваў: фэстывалю і нашай прэзэнтацыі, тым больш, што яны праходзяць у адным і тым жа памяшканьні. Карацей, пабаяліся скрасьці самі ў сябе публіку.

ТГ: Ці лічаце, што дасягнулі посьпехаў?
Посьпехамі гэта можна назваць толькі з агаворкамі. Безумоўна, ёсьць моманты, якія нас задавальняюць, але ёсьць яшчэ над чым працаваць, і працы гэтай больш чым дастаткова.

ТГ: Якія наступныя мэты ставіць гурт?
Мэты простыя і зразумелыя — заваяваць Галяктыку.

«Петля Пристрастия» дае канцэрт 4 лютага ў менскім клюбе «Рэактар».

Гутарыў Алесь Лукашоў, ТГ




Музычная прастора Беларусі © 2003-2007
Пры выкарыстаньні матэрэялаў спасылка на www.mpby.com абавязкова.
Па ўсіх пытаннях пісаць на e-mail: