Mузычная прастора Беларусі
20.01.2010 - Metallica даражэй за Rammstein
http://music.fromby.net/
Беларускія аматары амэрыканскага гурта ўжо цяпер могуць купляць квіткі на канцэрт Metallica, які 21 красавіка адбудзецца ў віленскай Siemens Arena. Літоўскія арганізатары дамовіліся на продаж квіткоў зь беларускім прадстаўніцтвам сусьветнавядомай кампаніі Ticketpro.
Metallica
Гэта будуць першыя гастролі Metallica ў Літоўскай Рэспубліцы. Арганізатары кажуць, што перамовы з мэнэджмэнтам гурта цягнуліся год. «Metallica вязе з сабой 35 тон апаратуры, гэта будзе ўнікальнае шоў, разьлічанае рыхтык на пляцоўкі тыпу арэны, калі гурт разьмяшчаецца ў цэнтры, а гледачы па коле вакол яго», — кажа Рэнатас Накаюс, партнэр кампаніі EMM Williams Productions, які арганізоўвае віленскія канцэрты Metallica.

Дарэчы, у Вільні амэрыканцы дадуць два запар канцэрты. Беларусы ж могуць купіць квіткі толькі на другі, які пройдзе 21 красавіка. Адметна, што цяпер дзеля гэтага ня трэба нават выходзіць з хаты. Беларускае прадстаўніцтва сусьветнай кампаніі Ticketpro прадае квіткі проста празь сеціва. Замовіць іх можна з дастаўкай ці атрымаць у адной з ста касаў па ўсёй Беларусі.

Кошты квіткоў на канцэрт Metallica: ад 380 тыс. руб. на танцпляцы да 437 тыс. руб. у ніжнім сэктары Siemens Arena. Для параўнаньня — на менскі канцэрт 7 сакавіка іншых сусьветных зорак — гурта Rammstein самы дарагі квіток будзе каштаваць 300 тысячаў (самы танны — 80 тыс. рублёў).

Пакуль на ўсю Беларусь літоўцы выдаткавалі толькі 1000 квіткоў. Але кажуць, што калі попыт будзе, то звыш таго змогуць прапанаваць беларусам яшчэ тысячу.

Пра бясплатныя візы арганізатары канцэрта пакуль нічога пэўнага сказаць ня могуць. «Мы ўжо накіравалі ў амбасаду ліст з просьбай дапамагчы ў візавым пытаньні беларускім аматарам Metallica. Аднак пакуль ня ясна, ці будуць гэта бясплатныя візы, ці можа проста таньнейшыя», — кажа Рэнатас Накаюс. У любым разе, для атрыманьня візаў можна зьвяртаца ў турыстычныя агенцыі, якія будуць ладзіць адмысловыя туры на канцэрт Metallica ў Вільню.

Аляксей Мінчонак, для ТГ

Фота: Kreepin Deth




Музычная прастора Беларусі © 2003-2007
Пры выкарыстаньні матэрэялаў спасылка на www.mpby.com абавязкова.
Па ўсіх пытаннях пісаць на e-mail: