|
| |||||||
| |||||||
|
29.01.2010 - Пукст на рынгу: «А вы антысэміт?»
http://music.fromby.net/ |
На просьбу «Тузіна Гітоў» беларускі авангардны музыка падзяліўся сваімі ўражаньнямі ад удзелу гурта «Пукстбэнд» у тэлешоў «Музычны рынг», дзе яму было наканавана пазмагацца з выканаўцам блатнога шансону Віктарам Калінам: «Нешта я прадбачыў загадзя. Напрыклад, што для абазначэньня канфлікту будуць выкарыстоўвацца слова „шлак“, пытаньні „а што вы прымаеце?“ і „ці не зьвярнуцца мне да псыхіятра?“»![]() Пра музычны рынг ды ўдзел у ім гурта «Пукстбэнд» мне было вядома даволі даўно. Плянаваліся розныя камбінацыі, зь якіх перавага аддавалася змаганьню «Пукстбэнд» — «Барто». Гэтыя гурты цалкам адпавядалі ступені здаровай брутальнасьці. Аднак арганізатары «Музычнага рынгу» пайшлі куды далей. Калі я пачуў у слухаўцы «Віктар Каліна», я выдаў слабае «хе-хе». Паклаўшы слухаўку, я задумаўся. Усё ж нашыя зь Віктарам эстэтычныя плятформы крыху розныя, мякка кажучы. Сюрэалістычны гратэск тэкстаў «Пукстбэнда» выглядаў сапраўдным вычварэньнем на тле ягонай расейскай шансоннай лірыкі. У вушах яшчэ гучалі рэхам адназначныя «За пацанов», «Люблю жену» і яшчэ нешта падобнае. Аднак па сьпеласьці развагаў было вырашана не адмаўляцца змаганьня. Што тычыць самога тэлешоў, то гэта быў якраз той выпадак, калі адсутнасьць тэлевізара апынулася для мяне чыстым глумам. Гэта таму, што ў працэсе паўсталі некаторыя складанасьці, што былі зьвязаныя з адсутнасьцю досьведу падобных выступаў. Для мяне было сюрпрызам, што мы не спаборнічаем у літаральным сэнсе слова. Мы проста адыгрываем кожны свой сэт ды адказваем на пытаньні гледачоў. Таму наўпроставага супрацьстаяньня ў нас зь Віктарам ня выйшла. Адносна самой арганізацыі працэса ды прафэсыяналізма магу сказаць выключна добрыя словы. Іншая справа — публіка. Вядома ж, нешта я прадбачыў загадзя. Напрыклад, што для абазначэньня канфлікту будуць выкарыстоўвацца слова «шлак», пытаньні «а што вы прымаеце?», «ці не зьвярнуцца мне да псыхіятра?». Пытаньні і словы цалкам адназначныя і зразумелыя. Нешта пракамэнтаваў, нешта пакінуў без адказу. Ну і няхай. Але калі мяне спыталі «А вы антысэміт?» не адказаць было немагчыма. Мой адказ можа будзе пачуць, калі запіс пойдзе ў этэр. А сыгралі мы нармальна. Як я потым зразумеў з складанага стаўленьня аўдыторыі, зусім не было сэнсу тлумачыць нешта пра дадаісцкія тэксты, кампазытарскія ідэі і шырокую мэтафару. Але потым падыходзілі людзі і віншавалі. Гэта быў лякальны і цалкам заслужаны посьпех. Паслухаць «Трыюмф волі» Сяргея Пукста на ТГ. Сяргей Пукст, для ТГ |
|
Музычная прастора Беларусі © 2003-2007 Пры выкарыстаньні матэрэялаў спасылка на www.mpby.com абавязкова. Па ўсіх пытаннях пісаць на e-mail: |