Mузычная прастора Беларусі
02.02.2010 - Vinsent: «Такі кліп, як мой, каштуе 2000 даляраў»
http://music.fromby.net/
З нагоды тэлевізійнай прэзэнтацыі свайго відэа «Восеньскі вальс» рэпэр Vinsent распавёў ТГ, як ён зьбіраецца зьмяняць сытуацыю ў беларускай музычнай прасторы і колькі грошай не шкада аддаць за якасны кліп. «Каб зьняць кліп па якасьці блізкі да „Восеньскага вальсу“ трэба прыкладна 2000 даляраў. У творчасьць трэба ўкладаць пэўныя сродкі, каб дасягнуць добрага выніку».
Vinsent
Відэа аўтарства Алеся Меліхаўца на «Восеньскі вальс» — другое ў рэпэра Vinsent’а. Дагэтуль відэаўвасабленьне атрымала ягоная песьня «Працягваю жыць». Хутка пачнуцца здымкі новага кліпа выканаўцы на новы трэк «Час прыйшоў». І ўсё гэта пры тым, што Vinsent мае пакуль толькі адзін альбом.

«Пастаянныя здымкі кліпаў — гэта нармальнае жыцьцё артыста, — кажа рэпэр. — Кліпы дапамагаюць данесьці сваю музыку да слухача сродкамі тэлевізіі. Гэта элемэнтарна. Многія нашыя артысты гэтага не разумеюць, таму музычныя праграмы поўняцца заходнімі і расейскімі кліпамі, многія зь якіх не выйшэйшага гатунку, мякка кажучы. Трэба зьмяняць сытуацыю і рабіць больш якаснага беларускага відэа».

«Восеньскі вальс» яшчэ да прэм’еры атрымаў добры аванс ад гледачоў. Паводле галасаваньня ў межах прэмі «Кліп-марафон», ён быў прызнаны найлепшым беларускім відэа ў 2009 годзе. Музыкант прызнаецца, што сілаў і сродкаў на гэтую працу не шкадаваў. «Каб зьняць кліп па якасьці блізкі да „Восеньскага вальсу“ трэба прыкладна 2000 даляраў. Але гэта залежыць ад людзей ці фірмы, якія здымаюць кліпы. Можна і таньней здымаць. Часта чапляе ня якасьць карцінкі, а арыгінальная рэжысэрская задума. Як правіла, у творчасьць трэба ўкладаць пэўныя сродкі, каб дасягнуць добрага выніку».

Акром працы над відэа выканаўца надзяляе нямала часу працы ў студыі. Адзін з новых трэкаў, запісаны сумесна з :B:N:, неўзабаве пачуюць наведнікі «Тузіна Гітоў». Увесну Vinsent рыхтуецца даць вялікі сольны канцэрт у Менску.

Тэлепрэзэнтацыя кліпу адбудзецца 7 лютага ў 11:40 на тэлеканале АНТ у праграме «Ранішняя пошта».

Выканаўца ў сеціве: www.vinsent.org

ТГ




Музычная прастора Беларусі © 2003-2007
Пры выкарыстаньні матэрэялаў спасылка на www.mpby.com абавязкова.
Па ўсіх пытаннях пісаць на e-mail: