Mузычная прастора Беларусі
22.02.2010 - The Blackmail: поўныя электронікі і надзеяў
http://music.fromby.net/
Менскі гурт The Blackmail названы адкрыцьцём году па вэрсіі сайту Ultra-Music.com, але хутчэй хлопцаў можна лічыць надзеяй гэтага году. Шмат хто з прысутных на прэміі пачуў назву гурта ўпершыню, але ў абыякавых музыкі нікога не пакінулі. Піт Паўлаў нават зазначыў, што цяпер будзе ўлічваць існаваньне гэтага гурта. Галоўны «шантажыст» Максім Кульша прадставіў наведнікам ТГ свой гурт.
The Blackmail
The Blackmail зьявіліся ў 2007 годзе. Як кажа вакаліст Максім Кульша, са стылем вызначыліся адразу: «Усё адбылося даволі банальна: на форуме наш басіст Вячаслаў напісаў, што хоча стварыць гурт у стылі рок/пост-панк. Спачатку ніхто граць ня ўмеў. Зусім». З выбарам фронтмэна склалася ўсё ня так проста: «Я граў на рытм-гітары, але пасьля доўгіх пошукаў вакаліста наш бубнач Артур сказаў, каб сьпяваў я. Я і запеў. Цяпер лічу, што я на правільным месцы».

14 сьнежня 2009 году адбылася прэзэнтацыя дэбютнага EP гурта, які складаецца з шасьці песень. Голас і тэксты Максіма добра падыйшлі пад агульны стылёвы напрамак. Гук The Blackmail — глухі і змрочны, нагадвае запісы старых пост-панк гуртоў Англіі. Музыкі прызналіся, што любяць музыку, якую граюць Radiohead, Interpol, Foo Fighters. Аднак хлопцы не баяцца экспэрымэнтаваць. На сваім канцэрце 20 лютага ў межах прэміі Ultra-Music.com яны выканалі першую песьню з выкарыстаньнем сынтэзатара. «На самой справе з сынтэзатарнымі гукамі ў нас гатовыя ўжо песень пяць, а наш будучы альбом будзе поўніцца электронікай».

Поўнафарматны альбом гурт плянуе выдаць ужо ў гэтым годзе, апярэдзіўшы яго сынглам увесну. Песьню для сынгла яшчэ не абралі: надта падабаюцца ўсе. Калі ж хто жадае паслухаць самвыдатны EP, яго можна набыць, даслаўшы ліст на theblackmailbelarus@gmail.com, ці паслухаць у інтэрнэце, у кантакце ці last.fm.

Максім адзначыў, што ўсе песьні гурта выключна ангельскамоўныя — такія тэксты гучаць больш ляканічна, а таксама зразумелыя заходняму слухачу. Песьні The Blackmail ужо ўзялі ў ратацыю некалькі радыёстанцыяў ў Грэцыі, Нямеччыне і Пэру.

Zap, для ТГ




Музычная прастора Беларусі © 2003-2007
Пры выкарыстаньні матэрэялаў спасылка на www.mpby.com абавязкова.
Па ўсіх пытаннях пісаць на e-mail: