Mузычная прастора Беларусі
08.11.2004 - Маладыя прыхільнікі беларускае музыкі распачалі акцыю, якая называецца “Штурм FM”.
http://fmby.tk
Маладыя прыхільнікі беларускае музыкі распачалі акцыю, якая называецца “Штурм FM”.
Сэнс акцыі ў тым, што фаны тэлефануюць на FM-станцыі ў часе наўпроставых канцэртаў па замовах слухачоў і просяць уключыць для іхных сяброў песьню на беларускай мове. Пра тое, што з гэтага атрымліваецца, нашая карэспандэнтка гутарыць з адным зь ініцыятараў, каардынатарам моладзевае суполкі “Вока” Віталём.

(Карэспандэнтка: ) “Спадар Віталь, як нарадзілася ідэя “штурмаваць” FM-станцыі з просьбай выканаць для вашых сяброў, для вашых знаёмых беларускамоўную песьню?”

(Віталь: ) “Ужо даўно існуе такі закон, што на ўсіх FM-станцыях рэспублікі Беларусь 50% музыкі павінна быць менавіта беларускай. Мы бачым, што як круцілі Барыса Маісеева, гурт “Краски” і астатніх – так і зараз круцяць, ужо толькі з новым лэйблам “слухай сваё”. Нам гэта не падабаецца, мы хочам слухаць менавіта беларускамоўнае, таму мы вырашылі правесьці такую кампанію, “Штурм FM”.

(Карэспандэнтка: ) “І вось ужо ад 1 лістапада сябры вашай моладзевай ініцыятывы тэлефануюць на “Альфа-радыё” з просьбай выканаць песьню на беларускай мове. Скажыце калі ласка, як успрымаюць вашыя просьбы?”

(Віталь: ) “Калі мы тэлефанавалі ў першы раз, нам казалі – вечар добры (зразумела, па-руску), мы казалі – ці можна павіншаваць, нам казалі – канечне, дазвалялі гэта ўсё, а калі мы прасілі беларускамоўную песьню, нам казалі, што сёньня гэта проста не прадугледжана. І на наша пытаньне “калі ж прадугледжаны беларускія песьні ў рэспубліцы Беларусь?” ды-джэй нічога разумнага нам ня здолеў адказаць”.

(Карэспандэнтка: ) “Скажыце калі ласка, а як успрымаецца мова вашых тэлефанаваньняў?”

(Віталь: ) “Ды-джэй па-за эфірам нам кажа, што ваша беларуская мова – гэта проста сьмешна, ня трэба нам такой мовы. Учора здарыліся такія праблемы, што проста забаранялі людзям казаць па-беларуску: вы будзеце віншаваць толькі пры ўмове, што размаўляць будзеце па-руску”.

(Карэспандэнтка: ) “А вам чым-небудзь патлумачылі, чаму менавіта па-руску?”

(Віталь: ) “Нам сказалі адно ,што ў гэтым эфіры ўжо 3 чалавекі да вас размаўлялі па-беларуску, і чацьвёрты гэта будзе занадта. А пасьля гэтага проста вырубаюць тэлефон. Калі тэлефануеш і вітаесься зь імі, яны таксама кладуць слухаўку”.

(Карэспандэнтка: ) “І якія далейшыя вашыя дзеяньні ў гэтай акцыі?”

(Віталь: ) “Мы будзем тэлефанаваць, замаўляць беларускамоўнае, у нас не адно толькі “Альфа-радыё”, у нас ёсьць і іншыя радыёстанцыі, на якіх могуць і паставіць беларускае, а чым скончыцца “Штурм FM” і калі ён скончыцца – я ня ведаю. Нас вельмі хвалюе, што забараняюць размаўляць па-беларуску, што не пушчаюць у эфір, што нашы паведамленьні самі, самавольна перакладаюць на рускую мову, блытаючы нейкі сэнс, таму мы будзем накіроўваць і міністру сувязі, і адміністрацыі “Альфа-радыё” лісты, каб нам растлумачылі гэтую сытуацыю”. Валянціна Аксак, Radio Liberty

“Альфа Радыё” адказвае ўдзельнікам “штурму FM” RFE/RL Мы атрымалі ліст ад рэдактараў “Альфа Радыё” ў адказ на матэрыял пра “штурм FM”, які друкуем у скарочаным выглядзе.

“Да ведама "аматараў беларускамоўнай музыкі", якія "штурмуюць" FM-эфір, "Альфа Радыё" заўсёды з павагай ставілася да нацыянальная ідэі – нагадаем, што мы зьяўляемся адзінай камэрцыйнай радыёстанцыяй, што выпускае навіны на беларускай мове. Дарэчы, магчымасьці для гэтага ў нас вельмі абмежаваныя і дадатковых грошай нам на гэта ніхто не выдаткуе.

Што тычыцца музыкі, так, па-першае, значная частка беларускамоўных гуртоў знаходзяцца пад забаронай, і тычыцца гэта нават нашых былых калегаў (да прыкладу, Памідорава). Па-другое, існуе такая рэч як "фармат", і няякасны запіс ніякім чынам ня можа трапіць у эфір, гэтаксама, як і радыкальныя у музычным пляне кампазыцыі (гард-рок, тэхна, рэп, народныя сьпевы). Ёсьць і пэўны эфірны сцэнар (музычны расклад), якога мусіць прытрымлівацца ды-джэй.

Калі аматары будуць усьцешаныя "Сябрамі" ці "Скрыжаваньнямі Эўропы", так прадукту такога кшталту досыць на Беларускай тэлевізіі й дзясятку дзяржаўных FM-станцыяў.

А што тычыцца рэакцыі ды-джэяў, якія нібыта "кідаюць слухаўку, пачуўшы родную мову", так хацелася б, каб Вы дакладна пазначылі, у які дзень і час так адбылося”

Гэта быў ліст ад рэдактараў “Альфа-Радыё”. Радыё “Свабода”

------------



Адказ Маладзёвай ініцыятывы “ВОКА” на адказ “Альфа Радыё” удзельнікам “штурму FM”!
Спачатку наконт беларускамоўнай музыкі! Вы кажыце: “ Па-першае, значная частка беларускамоўных гуртоў знаходзяцца пад забаронай, і тычыцца гэта нават нашых былых калегаў (да прыкладу, Памідорава). Па-другое, існуе такая рэч як "фармат", і няякасны запіс ніякім чынам ня можа трапіць у эфір, гэтаксама, як і радыкальныя у музычным пляне кампазыцыі (гард-рок, тэхна, рэп, народныя сьпевы). Ёсьць і пэўны эфірны сцэнар (музычны расклад), якога мусіць прытрымлівацца ды-джэй.” Гэта хлусня! У нас досыць якасных запісаў гуртоў на беларускай мове, проста Вам гэта не цікава! ( А нам, слухачам, вельмі цікава. Для каго Вы працуеце?) Вам трэба прытрымлівацца фармата? Калі ласка! Чым не Ваш фармат - “J-Морс”, “Ляпісы”, “Без білета”, “Крамбамбуля”... Ва ўсіх ёсць беларускамоўныя песні! Выпаўню за Вас працу і дам тэлефон “БМАgrup”, патэлефануйце і даведайцеся, колькі ў нас гуртоў, якіх Вы проста не заўважаеце! 649-08-88 (Віталь)

Па-другое, Вы кажыце: “А што тычыцца рэакцыі ды-джэяў, якія нібыта "кідаюць слухаўку, пачуўшы родную мову", так хацелася б, каб Вы дакладна пазначылі, у які дзень і час так адбылося” Такое адбывалася напрацягу трох дзён і не з аднім чалавекам!

Прыклад? Алесь Мазанік .1,2,3 лістапада 20.10-20.30! Усё? Яшчэ даць прозвішча?

Наконт таго, што Вы з’яўляецеся адзінай камэрцыйнай радыёстанцыяй, што выпускае навіны на беларускай мове. Вось за гэта Вам дзякуй, вялікі дзякуй!



Музычная прастора Беларусі © 2003-2007
Пры выкарыстаньні матэрэялаў спасылка на www.mpby.com абавязкова.
Па ўсіх пытаннях пісаць на e-mail: