Mузычная прастора Беларусі
17.12.2004 - Прэс - рэліз альбома Зміцера Вайцюшкевіча/WZ-Orkiestra "Паравоз кахання"
http://westrecords.by
Прэс - рэліз альбома Зміцера Вайцюшкевіча/WZ-Orkiestra
гандлёвая марка West Records прадстаўляе Зміцер Вайцюшкевіч/WZ-Orkiestra з новым альбомам “Паравоз кахання” у музычных крамах з 10 снежня 2004 Замест біаграфіі За гады сваёй творчасці Зміцер Вайцюшкевіч удзельнічаў у шматлікіх вядомых музычных праектах у складзе гуртоў (“Палац”, Kriwi) ці супольнасцяў (“Я нарадзіўся тут”, “Сьвяты вечар”). Ён заўжды імкнуўся да эксперыментаў, пошукаў новых форм і гучання – менавіта гэта заўжды рабіла яго творы розных часоў гэткімі непадобнымі адзін да аднаго, менавіта гэта вылучала яго з шэрагу вядомых сучасных беларускіх музыкаў. Ён заўжды быў не толькі таленавіты ды працаздольны, але й амбітны ды разнастайны. У 2001 годзе ўладальнік “Рок-кароны 2000” вырашыў распачаць сольную кар’еру з гуртом WZ-Orkiestra, не толькі не адыходзячы ад сваіх творчых прынцыпаў, але й рэалізуючы іх яшчэ ў большай ступені, а таксама з большай прадуктыўнасцю. Таму за чатыры гады ў актыву Вайцюшкевіча ня толькі чатыры розных па гучанні альбомы (“Цацачная крама” 2001, “Балады” 2002, “Паравіны году” 2003, “Паравоз кахання” 2004), але й шэраг праграмаў, якія можна было пачуць толькі на канцэртах (на вершы Маякоўскага, на вершы Адама Русака, “лэмкоўская” ды інш.) З пункту глеждання папулярнасці галоўную ролю ў сольнай кар’еры Зміцера адыграў мінулы альбом “Паравіны году” (2003) на вершы Алеся Камоцкага. Менавіта на ім Вайцюшкевіч здолеў самастойна паўтарыць адно з галоўных дасягненняў гурта Kriwi – стварыць элітарную музыку, якая мела б масавы поспех. Зразумела, што гэта зрабіла новы альбом “Паравоз кахання” яшчэ больш адказным момантам у творчай біаграфіі Зміцера. Вайцюшкевіч vs. Барадулін Пачалося ўсё з Алеся Камоцкага і альбому “Паравіны году”. Менавіта для гэтай плыткі ён папрасіў свайго сябра, Рыгора Барадуліна, напісаць прадмову. “Для мяне вялікі гонар пазнаёміцца з Рыгорам Барадуліным, таму што гэта жывы класік, – распавядае Зміцер Вайцюшкевіч. – Гэта мастадонт беларускай паэзіі, яе сумленне, яе харызма”. Рыгор Барадулін адпавядае яму тым жа: “Зміцер як маладая легенда. Чуў пра яго яшчэ з часоў “Палаца”. Я быў уражаны, калі сустрэў яго і быў шчаслівы, што маё завочнае ўражанне не разбілася. Што ён такі, як ёсць – малады, парыўны, геніальны... Не, скажу “у меру геніальны”, каб не зазнаваўся (смяецца). Працу з ім я лічу за гонар для сябе”. У кожнага былі свае прычыны для сумеснай працы. “Хацелася папрацаваць з кімсьці з жывых класікаў – гэта зусім іншае пачуццё ніж працаваць з іх кніжкамі, – кажа Вайцюшкевіч – Барадулін для мяне – гэта паэт, які знае слова з сярэдзіны. Таму ад яго твораў людзі не крывяцца з-за таго што яны беларускамоўныя. Ён жывы паэт, які можа зрабіць са словам ўсё што заўгодна – можа яго злагодзіць, можа зрабіць вельмі стракатым, правакуючым”. Барадулін таксама бачыць ў Вайцюшкевічы класіка, але сучаснага. “Для цяперашняй моладзі патрэбныя новыя кампазітары, спевакі, нельга жыць учорашнім днём. Кожны час патрабуе свайго увасаблення. Для меня увасабленне гэтых часоў – Зміцер Вайцюшкевіч, – кажа ён і не забываецца пажартаваць. – Да таго ж яго можна пасылаць у любы рэгіён для паляпшэння пароды ды ўзняцця нараджальнасці (смяецца). Я нават напісаў эпіграф да яго партрэту: “Агонь у паглядзе і лэдзі ў адпадзе””. “Паравоз кахання” Пачаткам праекту стала песня “Новы год”. “Мы сустракаліся з Камоцкім ды Барадуліным напярэдадні мінулага Новага году. Усе як раз пыталіся дзе хто ды як яго будзе сустракаць, – распавядае Зміцер Вайцюшкевіч. – Мы размаўлялі пра гэта 10 хвілін у Камоцкага, таксама пра праект, а праз некалькі гадзін дзядзька Рыгор ўжо тэлефанаваў Камоцкаму і чытаў верш”. Астатнія песні былі складзеныя на ўжо напісаныя вершы, але нягледзячы на гэта альбом можна лічыць сапраўднай супольнай працай Вайцюшкевіча і Барадуліна – Рыгор Іванавіч напісаў ды агучыў эпіграфы, якія гучаць перад кожнай песняй дыску, а таксама напісаў прыпевы для некалькіх песень. “Тое што Зміцер мяне прасіў, я ўсё рабіў, як старанны школьнік. Стараўся спадабацца і дагадзіць, стараўся быць на вышыні яго музыкі, голасу”, – кажа паэт. З пункту глеждання музыкі альбом не толькі больш дынамічны, але й больш разнастайны за іншыя працы – ад фірмовага з часоў “Паравінаў году” гарадскога шансону да нечаканага ды нячутага дагэтуль ад Вайцюшкевіча рокавага гучання. “Я раблю аудыёкіно. Кіно без візуалізацыі. Мы з музыкантамі не працуем з нотамі ці нейкімі стылямі – мы працуем з вобразамі”, – тлумачыць Зміцер. “Я быў вельмі рады, я слухаў усё гэта”, – кажа пра музычныя нечаканасці Барадулін. Так і атрымаўся альбом “Паравоз кахання”. 13 песень, у якіх сустрэліся два розныя, але вельмі таленавітыя чалавекі, дзве розныя, але шмат у чым аднолькавыя эпохі. Яны разам праз тэксты й музыку шукаюць адказы на адвечныя пытанні таго, што ёсць жыццё, што ёсць каханне. Пытанні, на якія адказаў з аднаго боку наогул няма, з іншага – зашмат. Мабыць таму лагічна, што няма й дакладнага адказу на пытанне, чыё вуха змешчана на вокладцы. Згодна першай версіі – жаночае, бо жанчына кахае вушамі. Згодна другой – мужчынскае, бо Ван Гог адрэзаў сабе вуха з прычыны вялікага кахання.


Музычная прастора Беларусі © 2003-2007
Пры выкарыстаньні матэрэялаў спасылка на www.mpby.com абавязкова.
Па ўсіх пытаннях пісаць на e-mail: