|
|
Эўрапейскае радыё для Беларусі супольна з Польскім радыё-Радыё Палёнія распачынае “Зваротны адлік-2006”!
Адлічваць рэшту года мы прапануем песьнямі маладых беларускіх гуртоў, фармуючы тым самым свой хіт-парад.
Умовы хіт-параду
Ад 15 лістапада кожную сераду й кожную суботу ў эфіры Эўрапейскага радыё для Беларусі будзе гучаць 5 кампазыцыяў маладых беларускіх гуртоў, за якія на сайце Эўрарадыё www.belradio.fm і сайце ўласна “Зваротнага адліку 2006” будуць галасаваць слухачы радыё і прыхільнікі гуртоў. Па выніках галасаваньняў будзе складацца хіт-парад маладой беларускай музыкі. Вынікі будуць падведзеныя 30 сьнежня 2006 года, а лепшы гурт атрымае магчымасьць запісаць альбом у адной з польскіх студыяў гуказапісу. Запісаны альбом будзе выдадзены накладам 5000 асобнікаў, а кампазыцыі альбому патрапяць у ратацыю Эўрапейскага радыё для Беларусі і Польскага радыё-Радыё Палёнія.
Правілы ўдзелу для гуртоў (выканаўцаў)
Да ўдзелу ў “Зваротным адліку” запрашаем маладыя беларускія гурты і выканаўцаў у розных музычных напрамках. Каб вашая песьня патрапіла ў новы хіт-парад, вам трэба да 20 сьнежня 2006 года на адрас hit_parad_erb@yahoo.pl даслаць як мінімум 3 кампазыцыі ў вашым выкананьні ў фармаце mp3 (мін. 128 kb/s), пазначыўшы, якая зь іх мусіць быць уключаная ў хіт-парад, і кароткую інфармацыю пра гурт (выканаўцу). Інфармацыя мусіць утрымліваць зьвесткі пра назву гурта (выканаўцы), дату заснаваньня, дасягненьні (выступы, запісы, удзел і перамога на конкурсах (фэстывалях)).
Правілы ўдзелу для слухачоў
Вы зможаце галасаваць на сайце Эўрарадыё і на сайце хіт-параду ня больш чым 1 раз на 3 дні. Вынікі будуць агучвацца ў “Зваротным адліку 2006” на хвалях Эўрапейскага радыё для Беларусі. Вы таксама можаце дасылаць свае прапановы і заўвагі што да ўдзельнікаў хіт-параду на той жа адрас hit_parad_erb@yahoo.pl. Актыўныя ўдзельнікі галасаваньняў атрымаюць узнагароды.
Слухачы таксама атрымаюць магчымасьць праслухаць кампазыцыі-ўдзельніцы хіт-параду, на сайце “Зваротнага адліку”.
|
|