Mузычная прастора Беларусі
26.12.2003 - Коміксы ад Нейра Дзюбеля
http://mpby.com
Коміксы ад Нейра Дзюбеля
24 сьнежня ў краме "Містэрыя Гуку" адбылася чарговая прэс-канфэрэнцыя. На гэты раз з нагоды рэлізу альбому рэміксаў "Нейра Дзюбеля" "Комиксы".
Гэта ўжо другі запар дыск, у якім выкарыстаны старыя песьні культавых беларускіх панкаў. Такі крок безумоўна мог быць успрыняты па-рознаму.
Таму Аляксандр Кулінковіч адразу патлумачыў.
Справа зусім не ў тым, што "Нейра Дзюбель" жадае зрабіць сваю музыку болей фарматнай для радыё станцый альбо раптам ператварыць свае песьні ў танцавальныя хіты для дыскатэк. Проста выхад такога дыску - гэта магчымасць паэксперыментыраваць у розных накірунках. Што, на думку аўтара, атрымалася добра. Дарэчы, акрамя Аляксандра Кулінковіча аўтарамі эксперыменту з'яўляюцца Павел Юрцэвіч і Ігар Плевін (абодва студыя "Осамс").І ідэя выпуску такога альбому належыць менавіта ім.
Лішне казаць, што такая ідэя спачатку здзівіла галоўнага "Дзюбеля". Але праслухаўшы колькі кампазыцый, ён даў дабро на працяг працы. Асабліва ў новых вэрсіях Аляксандру падабаецца "Суслики-убийцы", "Гагарин", "Бухаст". Але, па словах Аляксандра Кулінковіча, не трэба змешваць гэта з уласнай творчасьцю Нейра Дзюбеля. Гэта розныя рэчы. Па словах лідэра "Нейра Дзюбеля", таму і атрымаўся не альбом рэміксаў, а менавіта "Коміксаў".

Такім чынам, можна гаварыць пра стварэнне новага супольнага праекту, які, магчыма, атрымае назву "Кулінковіч Ансамбель". І працягам творчага эксперыменту будзе запіс у хуткім часе яшчэ аднаго альбому. Але ж прыхільнікі гурта "Нейра Дзюбель" не павіны хвалявацца адносна будучыні любімай каманды.

Зусім нядаўна, 21 сьнежня, музыкі бралі ўдзел у акцыі "Цукеркі дзецям", што праходзіла ў клюбе "NC", і ўсе сродкі ад якой пайшлі на падарункі абяздоленым дзецям. Аляксандру Кулінковічу відавочна спадабалася роля Дзеда Мароза. Ён застаўся шчыра задаволены тым, што змог аказаць дапамогу дзецям напярэдадні сьвята. Музыкі самі развозілі падарункі па дзіцячых дамах і прытулках Беларусі. Ужо плянуецца чарговая акцыя.

Таксама гаворка зайшла пра некаторыя змены ў складзе гурта. Зьявіліся новы гітарыст і басіст, а таксама па прычынах, якія Кулінковіч назваў аб'ектыўнымі, хутка пакіне гурт клявішнік Макс Івашын.

А зараз "Нейра Дзюбель" сур'ёзна працуе над новым, прычым беларускамоўным, альбомам, які будзе мець назву "Танкі". Выхад яго плянуецца вясной. Будзем чакаць.

А пакуль паслухаем Аўдыё-коміксы.

Уласны карэспандэнт mpby.com: Летуновіч Іна.


Музычная прастора Беларусі © 2003-2007
Пры выкарыстаньні матэрэялаў спасылка на www.mpby.com абавязкова.
Па ўсіх пытаннях пісаць на e-mail: