|
| |||||||
| |||||||
|
12.12.2006 - Тры гады ў гіт-парадзе
http://music.fromby.net/ |
Вялікім канцэртам адзначыць сёньня сваё трохгодзьдзе музычны партал “Тузін Гітоў”. Сьвята абяцае быць поўным нечаканасьцяў, як, дарэчы, і ўсе праекты гэтага адметнага мэдыйнага рэсурса. Назва “Тузін Гітоў” ужо стала брэндам. Яшчэ тры гады таму ніхто і пад![]() — Гэты праект ствараўся з мэтай папулярызаваць беларускую музыку — аналягаў яму ў Беларусі не было, — распавядае рэдактар сайта Сяргей Будкін. — Мы хацелі зрабіць нашую музыку больш даступнай. Яшчэ тры гады таму знайсьці яе нават у Інтэрнэце было вельмі цяжка. Тым больш, калі гэта нейкія новыя кампазыцыі. Нават у першы дзень працы сайта яго наведалі 182 чалавекі — па тых часах лічба вельмі нядрэнная. Зараз прыхільнікаў куды больш. А ў лёсавызначальныя моманты музычнага жыцьця, як, да прыкладу “Басовішча” ці “Рок-каранацыя”, іх колькасць сягае да трох тысяч чалавек. За гэты час праз рукі стваральнікаў “Тузіна Гітоў” прайшло каля двухсот беларускіх выканаўцаў. Час ад часу паміж імі нават разгортваецца барацьба за права патрапіць у гіт-парад. — Часьцяком бываюць прэтэнзіі, што мы не паставілі тую ці іншую песьню, — распавядае Сяргей Будкін. — Выканаўцы ж адразу хочуць бачыць сябе ў гіт-парадзе, а песень вельмі шмат, вялікая чарга. Ды часам мне падаецца, што песьня ня вартая гіт-параду. Але ж музыкі лічаць наадварот, таму такія канфлікты ўсё ж узьнікаюць. Пасьля іх некаторыя гурты нават адмаўляюцца ад удзелу ў гіт-парадзе, але такое здараецца рэдка. Музыкам трэба разумець, што перамога — не галоўнае. Галоўнае — паказаць песьню, каб яе пачулі, а барацьба за месцы досыць умоўная. Называць “пакрыўджаных” творцаў Сяргей катэгарычна адмаўляецца. Кажа: ня варта лішні раз скандаліць. І ўсё ж у большасці сваёй “Тузін” з музыкамі ў вельмі добрых стасунках. Некаторыя зоркі час ад часу выступаюць у якасці карэспандэнтаў парталу, і калі здараецца якая нагода, пішуць у разьдзел “Музычныя навіны”. Нядаўна Лявон Вольскі парадаваў рэпартажам пра сваю паездку з N.R.M. у Славакію. А лідэр “Палаца” Алег Хаменка ўвогуле зьяўляецца вядучым радыёвэрсіі гіт-параду "Тузін Гітоў" на хвалях "Радыё Рацыя". Толькі сяброўскія адносіны, па словах рэдактара, ніяк не ўплываюць на палітыку сайта — песьні, якія трапляюць у складанку гіт-параду, выбіраюцца выключна з пазыцый уласнага густу музычнага рэдактара. Ніякага абмежавання стыляў і накірункаў — ад дзікіх альтэрнатыўшчыкаў да прадстаўнікоў поп-музыкі. Апошні прыклад — Анжаліка Агурбаш зь яе песняй “Вянок”, якая, дарэчы, заняла другое месца ў мінулым туры. Галоўная ўмова да ўсіх — песьня павінна быць беларускамоўнай. — Песьню мы разьмяшчаем толькі са згоды самога выканаўцы, ён яе і прэзэнтуе. Часам музыкі самі могуць прапанаваць нам сваю песьню ці альбом, зь якога мы выбіраем адну. Некаторыя выканаўцы даюць песьню літаральна пасьля запісу, а бывае, што абяцаюць яшчэ да яе стварэньня, — распавядае Сяргей. Вось так агулам і зьбіраецца 12 песень — так званы тузін. Потым — справа за слухачамі, якія на працягу двух тыдняў галасуюць за найбольш упадабаныя песьні — на сайце можна і праслухаць любую кампазыцыю. Так вызначаюцца тры пераможцы і тры аўтсайдэры. Апошнія пакідаюць тузін, але іх МРЗ-вэрсіі застаюцца ў архіве. На наступны тур усе галасы абнуляюцца, і ўсё пачынаецца спачатку. Прычым, трэба сказаць, што не заўсёды густы слухачоў супадаюць зь меркаваньнем рэдактара сайта. — Такое здараецца ледзьве не штотур. Канечне, мне падабаюцца ўсе песні, бо я — адзін з тых, хто іх адбірае. Але вельмі часта мне здаецца, што тая ці іншая песьня вартая большай увагі, чым нават пераможца, — прызнаецца Будкін. Апошні такі выпадак быў з расейскім гуртом “Комба Бакх”. Сяргею падавалася, што гэтыя музыканты, якія засьпявалі па-беларуску, вартыя першага месца, але паводле галасаваньня яны аказаліся толькі на 12-м. Што зробіш — прыйшлося наступіць на горла ўласным густам і выключыць любімчыкаў з гіт-параду. Калі праект толькі распачынаўся, над ім працавалі ўсяго тры чалавекі. Зараз для сайта пастаянна пішуць 12 аўтараў — вось такое сымбалічнае супадзеньне. — Ствараючы гэты праект, мы меркавалі, колькі ж ён праіснуе, — распавядае Сяргей Будкін. — Тады хацелася верыць, што нам пашанцуе і год-два мы працягнем. Зараз ужо зразумела, што будзе і намнога больш. Сёньня “Тузін Гітоў” — гэта ня толькі гіт-парад. Гэта самыя сьвежыя музычныя навіны, праект “Заля славы”, дзе распавядаецца пра герояў мінулага — “Песьняроў”, “Сузор’е”, “Бонду”, штогод зьяўляецца выніковая складанка. Дарэчы, леташні дыск “Прэм’ер Тузін” быў адзначаны на “Рок-каранацыі” як праект года. А чаго вартая вэрсія радыёпраграмы, якая некалі выходзіла на радыё сталічнага гарвыканкама “Мінск”! — Калі мы яе запускалі, ніхто ня верыў, што яна выйдзе больш за тры разы, — адзначае Сяргей Будкін. — Гэта былі тыя часы, калі беларуская музыка ўжо знаходзілася пад забаронай — а ў нас у праграме былі і N.R.M., і “Neuro Dubel”... І тым ня менш на радыё “Мінск” мы зрабілі каля 50 праграм. Вяліся нават размовы, што гэта самая папулярная праграма. Сяргей сьцьвярджае, што асаблівых перашкод ім тады не чынілі. Адзінае, што было — гэта спробы перастрахавацца: так, падчас нейкіх грамадзка важных сьвятаў ці рэфэрэндума такую ідэалягічна ня вытрыманую перадачу проста не рызыкавалі ставіць у этэр. Калі праграму ўсё ж зачынілі, радыёвэрсія “Тузіна” перабралася на “Радыё Рацыя”, дзе зараз і жыве. Увогуле, усе ідэі і пляны стваральнікі сайта раскрываць не жадаюць. Кажуць: пакуль ня зьдзейсьніліся, лепш памаўчаць. Але тое, што ў бліжэйшы час варта чакаць новых цікавых праектаў — гэта дакладна — на іх “Тузін” заўсёды багаты. Сьвяточны канцэрт адбудзецца сёньня, 12 сьнежня, а 19-й гадзіне ў клюбе “Юла” (вул. Сурганава, 26). Анастасія Зелянкова, "Салiдарнасць" (gazetaby.com) |
|
Музычная прастора Беларусі © 2003-2007 Пры выкарыстаньні матэрэялаў спасылка на www.mpby.com абавязкова. Па ўсіх пытаннях пісаць на e-mail: |